Skip to content Skip to footer

Артыкул па тэме праведзенага вэбiнара “Перспектывы беларускай мовы ў новай геапалітычнай рэальнасці”

Аўтар: Вялічка Лізавета, 5 курс праграмы  “Міжнароднае права і права Еўрапейскага Саюза”
18 сакавіка 2022 года адбыўся першы вэбінар цыкла “Наша мова – наша ідэнтычнасць”, арганізаваны Цэнтрам канстытуцыяналізма і правоў чалавека і прысвечаны беларускай мове як гарантаванай Канстытуцыяй мове беларускага народа.

Тэма вэбінару – “Перспектывы беларускай мовы ў новай геапалітычнай рэальнасці”. На вэбiнары разглядалicя пытаннi месца беларускай мовы у сучасным жыццi беларусаў i актуальнасць яе вывучэння ў сённяшнiх умовах.
Вэбінар пачаўся з уводзін ад Дар’і, студэнткі I курса праграмы “Міжнароднае права і права Еўрапейскага Саюза”. Дар’я адзначыла актуальнасць праблемы памяньшэння важнасці беларускай мовы ў сучасным беларускім грамадстве. Потым Людміла Ульяшына, Кiраўнiца Цэнтра, распавяла пра сувязь Канстытуцыі Беларусі і яе моў, а менавiта пра палажэнні Канстытуцыі, якія ўсталёўваюць правы чалавека ў адносінах да мовы і нацыянальнай ідэнтычнасці.
Спікерамі вэбінара былі спецыялісты з розных навуковых напрамкаў, якія закранулi аспекты беларускай мовы і культуры: Марына Антанюк-Пруто, Сцяпан Захаркевіч, Дзяніс Тушынскі і Уладзіслаў Іваноў.

Першы спікер, Марына Антанюк-Пруто, з’яўляецца філолагам і даследчыцай беларускай мовы. Марына распавядала пра статус беларускай мовы, яе гісторыю і паходжанне. Пачаўшы з самых каранёў, Марына апавяла пра тое, калi i як з’явiлася беларуская мова, як яна развівалася, а таксама пра яе месца сярод іншых славянскіх моў.

Дакладчыца адзначыла асаблівы статус беларускай мовы: яна з’яўляецца нацыянальнай і этнічнай мовай беларусаў. Адной з асноўных думак, данесенных дакладчыцай, была вялікая роля беларускай мовы як асновы нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, якая выконвае кансалідуючую функцыю і аб’ядноўвае беларусаў.


Наступным спікерам быў Сцяпан Захаркевіч. Тэмай яго выступу была беларуская традыцыйная культура, яе месца ў сучаснай Беларусі, а таксама значэнне мовы ў культуры. Сцяпан распавядаў пра фарміраванне сучаснай беларускай традыцыйнай культуры, прычыны яе змены ў дваццатым стагоддзі, а таксама розніцу паміж гарадской і вясковай культурай Беларусі. Сцяпан адзначыў, што мова грае важную ролю ў захаванні культуры, асабліва для беларусаў у цяперашні час: зараз беларуская мова выходзіць на першае месца як інструмент культурнай ідэнтычнасці.


Трэцім спікерам вэбінара быў Дзяніс Тушынскі. Тэма яго дакладу – афіцыйныя мовы ў заканадаўстве Беларусі і іншых шматмоўных краін. Дзяніс распавядаў пра месца беларускай мовы ў Канстытуцыі Беларусі, праблему суіснавання беларускай і рускай моваў у занадаўстве і праватворчасці Беларусі. Дакладчык адзначыў асноўныя праблемы ў адносінах паміж беларускай і рускай мовамі, якія вызначаюцца на ўзроўні заканадаўства Беларусі. Далей у сваім выступе Дзяніс паказаў, як вырашаецца праблема моўнай роўнасцi ў іншых краінах Еўропы, а таксама расказаў аб магчымых спосабах рэгулявання гэтай праблемы ў Беларусі.


Апошнім спікерам вэбінару быў Уладзіслаў Іваноў. Уладзіслаў апавёў пра беларускую мову як палітычны сімвал беларусаў і яе ролю у геапалітыцы. Таксама Уладзіслаў распавядаў пра нацыянальную самасвядомасць, яе асноўных складніках, аб моўным складніку нацыянальнай ідэнтычнасці. Спікер закрануў неабходнасць актуалізацыі беларускай нацыянальнай і моўнай ідэнтычнасці ва ўмовах руска-украінскай вайны і абагульніў свой выступ думкай пра неабходнасць падтрымаць беларускую мову з боку грамадства.


Пасля кожнага выступу ў удзельнiкаў сустрэчы была магчымасць задаваць пытанні і дыскутаваць на тэмы, закранутыя ў выступах. Напрыканцы вэбінара спікеры яшчэ раз адзначылі неабходнасць выяўлення праблем ўжывання беларускай мовы і важнасць беларускай мовы на дадзены момант для Беларусі.