Вайне не можа быць аніякіх апраўданняў. Вайна не прыносіць анічога апроч болю, пакутаў, згубленых і зламаных жыццяў. Яна ніколі не дае адказы на пытанні, але стварае новыя, яшчэ больш страшныя праблемы.
І, на жаль, вайна працягваецца ўжо год, але ўкраінцы паказваюць сваю нязламнасць і аптымізм, хоць уварванне ўжо ўнесла жыцці сотні тысячаў людзей.
У адным Марыупалі, дзе да вайны жыло каля 450 тысячаў, загінуў кожны чацвёрты жыхар. Дакладныя лічбы, імаверна, мы ніколі не даведаемся. Буча, Ірпень, Бахмут, Краматорск – гэтыя назвы калісьці мірных украінскіх гарадоў ведае ўвесь свет. І ведае не праз выдатныя вынікі ў гаспадарцы, але праз трагедыі, зруйнаванні гэтых мясцінаў.
***
“Я дакладна ведаю, якая Украіна задавальняла б Расею і Пуціна — несамастойная дыктатура. Такая, як сённяшняя Беларусь, дзе не чуваць голасу прыдушанага народу”, – такія словы для сваёй нобелеўскай прамовы напісаў Алесь Бяляцкі.
Беларусы, якія выступаюць супраць вайны, сустракаюць вельмі жорсткія рэпрэсіі. Кожнае дзеянне і акт супраціву жорстка караецца. Таму ў Беларусі няма шмат адкрытых пратэстаў. Але вядома, што беларусы не хочуць ваяваць з сяброўскім народам.
А Украіна асабліва цяпер – прыклад дэмакратыі і грамадскага ўдзелу для беларусаў і беларусак.
Нягледзячы на пагрозы, тысячы беларусаў выразілі свой супраціў, за што былі пакараныя.
- Паводле ацэнак ПЦ “Вясна” 1575 беларусаў і беларусак былі затрыманыя за сваю антываенную пазіцыю.
- 56 чалавек асуджана на тэрмін ад 1 да 23 гадоў.
- 12 “рэйкавых партызанаў”, якія перашкодзілі наступу расейскіх войскаў на Кіеў, атрымалі 191,25 гадоў зняволення.
- Спявачку Мэрыем Герасіменка асудзілі да 3 гадоў хатняй хіміі за выкананне песні Океана Ельзи “Обійми”.
Прайшоў год, які паказаў, што свет і мір – вельмі крохкая рэч. Міжнародныя арганізацыі ствараліся з мэтаю не дапусціць вайны ў свеце. Але цяпер мы дакладна бачым, што міжнародная супольнасць мусіць пашукаць новыя формы працы.
Дапамагаць Украіне і ўкраінцам — вельмі важная задача для сусветнай супольнасці.
Ведаем, што перамога за сіламі дабрыні, дэмакратыі, вярхоўнасці права. Украінцы ўпэўнена і з годнасцю прыйдуць да перамогі.