На Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі, дзякуючы працы навуковага накірунку Цэнтру, з’явіцца яшчэ адна панэль – “Канстытуцыйны працэс і правы чалавека”. Сябры цэнтру і асацыяваныя сябры цэнтру могуць падаць свае даследніцкія працы. Таксама заахвочваем распаўсюджваць інфармацыю сярод тых, каму гэта можа быць цікава. Дэдлайн падачы тэзісаў – 15 траўня, памер – 2-4 тысячы знакаў.
У 2023 годзе праца Кангрэса будзе адбывацца па 14-ці даследчых накірунках, якія ўключаюць усе асноўныя сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны: гісторыя, міжнародныя адносіны і паліталогія, сацыялогія, лінгвістыка, літаратуразнаўства і іншыя.
Кангрэс з’яўляецца самай прадстаўнічай штогадовай акадэмічнай і экспертнай падзеяй Беларусі, у працы якой прымаюць удзел усе асноўныя інтэлектуальныя цэнтры даследавання грамадства, палітыкі і культуры Беларусі. Акрамя гэтага, правядзенне Кангрэса з‘яўляецца выдатнай магчымасцю для распрацоўкі новых жыццяздольных даследчых і грамадскіх праектаў, абмену думкамі і ідэямі, усталявання нефармальных кантактаў з прадстаўнікамі экспертных і акадэмічных супольнасцяў Беларусі і іншых краін.
Місія Кангрэса – развіццё супольнасці навукоўцаў, аналітыкаў і экспертаў, а таксама спрыянне больш глыбокаму разуменню Беларусі ў акадэмічных асяродках краіны, рэгіёну і свету.
Асноўныя працоўныя мовы Кангрэса – беларуская і англійская, дадатковыя: польская, украінская, руская, літоўская.
Для ўдзелу ў Кангрэсе дазваляецца запаўненне толькі адной заяўкі, выступаць з двума дакладамі немагчыма. Адабраныя ўдзельнікі могуць звяртацца па візавую падтрымку. Некаторым удзельнікам па рашэньню оргкамітэта канферэнцыі могуць быць поўнасьцю ці часткова кампенсаваныя выдаткі на праезд і жытло.
ЦКПЧ не ўдзельчае ў мадэрацыі заявак на Кангрэс і не гарантуе ўдзел у арганізаванай намі панэлі.