Skip to content Skip to footer

«Памятаць – наш абавязак». Цэнтр Канстытуцыяналізму і правоў чалавека пры ЕГУ правёў канферэнцыю пра правы рабочых

Таксама ва ўніверсітэце адкрылася выстава, прысвечаная палітзняволеным актывістам рабочага руху, а таксама рэпрэсаваным студэнтам і выкладчыкам ЕГУ. 

20 лістапада навуковую канферэнцыю “Права на забастоўку, абарона ад харассмента і свабода асацыяцыі: грамадскія і навуковыя праблемы ў глабальнай і лакальнай перспектыве” адкрыў рэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Кшыштаф Рыбіньскі

У сваёй прамове ён зазначыў, што: 

“Правы рабочых – вельмі важная тэма для падтрымкі правоў чалавека ў Беларусі, падчас вялікай хвалі рэпрэсіяў. Таксама я ўсцешаны, што тут ствараецца пляцоўка, дзе мы можам пагаварыць пра палітыкі і лепшыя ўмовы працы ў ЕГУ. Асабліва ў сувязі з нядаўнім скандалам”.

Важным элементам канферэнцыі стала выстава пра палітзняволеных актывістаў і  студэнтаў ды выкладчыкаў ЕГУ. 

«Выстава была зробленая з дапамогай студэнтаў і студэнтак ЕГУ. Канешне, на ёй не ўсе палітзняволеныя, а толькі маленькая частка, найбольш вядомыя з іх. Мы ў ЕГУ, як у куточку Беларусі ў Вільні, лічыць неабходным памятаць і нагадваць пра палітзняволеных, асабліва з рабочага руху. Бо яны зараз за кратамі за нас», – кажа Марыя Жарылоўская, юрыстка-праваабаронца, каардынатарка акадэмічнага дэпартаменту сацыяльных навук ЕГУ, якая займалася куратарствам выставы.

 

Марыя кажа, што такія праявы салідарнасці важныя не толькі для палітзняволеных і іхных сем’яў. Таксама гэта напамін для студэнтаў ЕГУ – трэба рабіць добрыя рэчы і для палітзняволеных, і для будучыні Беларусі.  

Марыя зазначае, што ў ЕГУ ёсць сістэма фінансавай падтрымкі для рэпрэсаваных студэнтаў і сваякоў прафсаюзных актывістаў. І ўжо ёсць студэнты, якія вучацца на праграме. 

Апроч актывістаў рабочага руху на выставе прадстаўленыя палітзняволеныя студэнты і выкладчыкі ЕГУ. Сярод іх вядомыя беларускія дзеячы: праваабаронца Наста Лойка, даследчыца Таццяна Кузіна, журналіст Мікола Дзядок, праваабаронца Марфа Рабкова

Сваячніца аднаго з герояў выставы выступіла з прамовай падчас адкрыцця выставы:

«З беларускімі прафсаюзамі заўжды змагаліся. І рэжым думаў, што яму ўдалося вырваць незалежных рабочы рух з каранямі. Але гэтая канферэнцыя паказвае, што яны не выйгралі. І якія б не былі жудасныя прысуду і жудасныя ўмовы ўтрымання, праца працягваецца. Рух працягваецца. Я ўдзячная за памяць і магчымасць нешта рабіць»

Паглядзець на выставу можна з 9:00 да 18:00 па будніх днях на другім паверсе ЕГУ.