Гэта быў няпросты год. Але які год быў калісьці просты для беларускай праваабарончай і пра-дэмакратычнай супольнасці? Дзякуй, што былі з намі!
Якія мерапрыемствы мы зрабілі?
- Навуковыя семінары.
- Летні ўніверсітэт.
- Канферэнцыю для студэнтаў.
- Семінары ў рамках “Кода прысутнасці”.
- Канферэнцыя пра будучыню прафсаюзаў ды правы працоўных.
- Праваабарончая анлайн-адукацыя для адвакатаў чатырох краін Усходняй Еуропы.
- Экспертныя ацэнкі ды заключэнні па прававым аспектам парушэння правоў чалавека ў Беларусі.
Агулам нашыя мерапрыемствы наведала каля 200 чалавек (онлайн і офлайн). Мы вельмі ўдзячныя ўсім, хто цікавіцца правамі чалавека і канстытуцыяналізмам.
Таксама прадстаўнікі Цэнтру ўзялі ўдзел у Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў рамках Панэлі «Канстытуцыйны працэс у Рэспубліцы Беларусь і правы чалавека». Сябры Цэнтру падрыхтавалі даклады на шырокі спектр юрыдычных праблем. Былі сярод іх і фундаментальныя працы, напрыклад «Аднаўленне канстытуцыйнага ладу ў Беларусі». Былі і больш вузка накіраваныя працы, як «Пазбаўленне права звяртацца ў Камітэт па правах чалавека. Канстытуцыйная гарантыя і міжнародныя абавязкі. Беларускі кейс», «Права на адваката як умову доступу да правасуддзя і аднаўленне адвакатуры ў Беларусі» ці «А хто там ідзе?»: рэалізацыя права на імя беларусамі на эміграцыі (2020-2023)». Упершыню Цэнтр узяў удзел у самай важнай навуковай пляцоўцы Беларусі.
А яшчэ мы падтрымлівалі калегаў, рабілі юрыдычныя кансультацыі, падвышалі веды і лаббавалі інтарэсы адвакатаў у выгнанні. Рабілі сустрэчы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Адвакатавалі інтарэсы беларускіх праваабаронцаў.
Мы – важны інстытут для пашырэння кола студэнтаў і даследчыкаў, якія імкнуцца да аднаўлення канстытуцыйных гарантый і дапамозе тым, хто які стаіць на абароне правоў і каштоўнасцяў правоў чалавека. Ад імя супрацоўнікаў і сяброў Цэнтру мы хочам падзякаваць вам за вашую дапамогу і падтрымку. У салідарнасці і прафесіянальнай падтрымцы – нашая сіла.
Беларуская праваабарона і навуковая думка, аб’яднаныя адной мэтай зрабіць Беларусь краінай вяршэнства права, дзе канстытуцыйныя гарантыі ажыццяўляюцца на практыцы, а не на паперы – будуць працягваць сваю працу.
Да сустрэчы ў 2024 годзе!